Мы стварылі мапу, на якой Беларусь можна паслухаць. Наколькі яна будзе поўнай, залежыць і ад вас таксама.
У Еўропе прынята шанаваць не толькі нацыянальныя мовы, але і іх лакальныя разнавіднасці. У Польшчы на дыялектах выходзяць перыядычныя выданні, у Нямеччыне мясцовыя словы называюць гандлёвыя маркі, у Велікабрытаніі ёсць мапа акцэнтаў усіх куткоў краіны. Беларусь на дыялекты не бяднейшая, і нам трэба вучыцца гэта ўсведамляць. Рабіць гэта найпрасцей, калі ўсё багацце – проста перад вачыма.
Берасцейшчыне асабліва пашансавала на разнастайнасць гаворак. Па тэрыторыі вобласці праходзіць мяжа між цэнтральнымі і паўднёва-заходнімі дыялектамі, між чыста беларускімі гаворкамі і дыялектамі пераходнага тыпу*. Гэта добра адлюстравана на дыялектычных мапах, але большасці з нас колеры, ізаглосы і штрыхоўкі ні пра што не гавораць. Мову трэба чуць, каб мець пра яе ўяўленне, і дагэтуль такой магчымасці ў нас не было.
Мапа дыялектаў стартуе з нашага ўласнага архіву, таму ахоплівае пакуль менавіта Берасцейшчыну. Але дадаваць гукі можна па ўсёй краіне і нават памежных тэрыторыях, каб урэшце рэшт складалася поўная гукавая карціна нашай нацыянальнай мовы і яе блізкага атачэння.
Акрамя чыста адукацыйнага значэння, гукавая мапа, мы спадзяемся, будзе месць яшчэ і навуковае. Якасныя запісы з правільна занатаванымі дадзенымі могуць дапамагчы ў працы лінгвістам, этнографам, культуролагам. Таму што мы зафіксуем не проста гукі, але і сэнсы: інфармацыю этнаграфічнага, гістарычнага, культурнага і сацыяльнага значэння. Прыклад вышэй – фрагмент аповеду з бондарам з вёскі Грушка Маларыцкага раёна Сцяпанам Коцелевым.
Але рэспандэнтамі не абавязкова павінны быць спевакі, народныя майстры або начальнікі сельсаветаў. Ваша родная бабуля з хутара на два чалавекі не менш значная крыніца для мапы. І яе аповед пра заляцанні вашага дзеда таксама каштоўны. Ці нават проста апісанне рэцэпту, па якім яна вось цяпер, на ваш прыезд, гатуе аладкі.
Інфармацыю пра фармат і пашпартныя дадзеныя запісу можна прачытаць непасрэдна на старонцы мапы.
Што ж, давайце гэта зробім. І разам паглядзім, што ў нас атрымліваецца.
Іна Хоміч, аўтарка праекта
*Дапоўнена: Выбачаемся за недакладнасць у артыкуле. Мяжа між цэнтральнымі і паўднёва-заходнімі гаворкамі праходзіць вышэй за Берасцейскую вобласць. На Берасцейшчыну прападае стык паўднёва-заходняга дыялекту і заходнепалескіх гаворак.
