Нядаўна ўсіх неабыякавых узрушыла навіна пра знаходкі астанкаў паўстанцаў на замкавай гары ў Вільні. Многія з цікаўнасцю адсочвалі свежыя навіны, што з’яўляліся ў СМІ. У выніку грамадскай ініцыятывы на магілах паўстанцаў з’явяцца і подпісы па-беларуску.
Аднак паўстанне Каліноўскага адбывалася не толькі «недзе там», а і ў нашай мясцовасці. Natatnik падрыхтаваў спіс месцаў Берасцейшчыны, дзе можна ўшанаваць памяць паўстанцаў 1863-1864 гг..
Пачнем з найбольш знакамітага. У Мілавідах адбылася знакавая для паўстанцаў бітва 22 мая (6 чэрвеня) 1863 г.. Месца памяці досыць незвычайнае, бо змяшчае адразу тры мемарыялы. Першапачаткова ў 1913 годзе у памяць загінулых салдат крыж паставілі расійскія ўлады.
У 1933 польскім бокам пабудавана капліца ў гонар паўстанцаў.
А ў 1988 і 1993 беларускімі грамадскімі арганізацыямі пастаўлены два валуны ў гонар Каліноўскага і беларусаў-паўстанцаў. Цікава, што беларускі і польскі мемарыялы знаходзяцца праз дарогу ад расейскага, як бы намякаючы.
Мемарыяльныя калоны ў гонар паўстанцаў ёсць адразу ў двух вёсках – Палонск ды Магілёўцы Пружанскага раёна.
На Берасцейшчыне захаваліся некалькі пахаванняў паўстанцаў:
У вёсцы Калоднае Столінскага раёна апрача помніка на месцы пахавання можна ўбачыць мемарыяльную арку ў гонар вядомай мастачкі Хэлены Скірмунт, а таксама рэшткі былой сядзібы Скірмунтаў, якая прыйшла ў заняпад пасля падзей паўстання. А яшчэ можна агледзець унікальны млын.
У вёсцы Ласасін Пружанскага раёна знаходзіцца помнік на месцы пахавання 40 паўстанцаў, якія загінулі ў баі пад Ласасінам 24 траўня 1863 года. Гісторыя помніка заслугоўвае асобнага апавядання. Адразу пасля бітвы мясцовыя жыхары паставілі ва ўрочышчы Гантарыя драўляны крыж. Пасля улады міжваеннай Польшчы ў 1928 годзе ўстанавілі замест сатлелага крыжа гранітны помнік з выбітым надпісам: «Prochom 40 powstanców polskich poległych w 1863 r. w walkach z najezdzcą. Mieszkańcy powiatu» («Праху 40 польскіх паўстанцаў, якія загінулі ў 1863 годзе ў баях з захопнікамі. Жыхары павета»). Але савецкая ўлада ўзарвала помнік. У 1989 годзе яго аднавіла група краязнаўцаў, матэрыяламі і транспартам дапамаглі Пружанскі ПМК і радыёзавод. У 1998 годзе помнік быў расстраляны з верталёту (побач знаходзіцца вайсковы палігон). Чарговы раз ён быў адноўлены ў 2000 годзе, а таксама асвячоны па каталіцкаму і праваслаўнаму абрадах.
На каталіцкіх могілках ў Косаве Івацэвіцкага раёна можна адшукаць пахаванне паўстанцаў з арыгінальным помнікам 1928 года.
Незвычайнае месца ўшанавання памяці паўстанцаў існуе ў Івацэвічах. Недалёка ад горада, па дарозе на Косава знаходзіцца Шыбельная гара. Тут, у лесе, пасля паражэння паўстання царскія ўлады павесілі 20 інсургентаў. Тут жа яны былі і пахаваныя. Як распавядалі івацэвіцкія старажылы, яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя на соснах на Шыбельнай гары з-пад кары былі бачныя ўрослыя ў дрэва іконкі. Так мясцовыя жыхары ўшанавалі забітых тут змагароў. У памяць пра іх на гэтым месцы ў другой палове 1990-ых гадоў быў устаноўлены і асвечаны сціплы крыж.
На полі, паблізу вёскі Сабалі Бярозаўскага раёна, знаходзіца брацкая магіла паўстанцаў 1863-1864 гг. Пахаванне мае цікавае аздабленне – па кутах агароджы ўсталяваны чатыры баявыя касы, якімі карысталіся паўстанцы-касінеры. Пра падзеі, якія адбываліся ў мясцовых лясах, падрабязна распавядае вядомая пісьменніца Эліза Ажэшка ў сваёй кнізе «Gloria victis» («Хвала пераможаным»).
Сляды паўстанцаў можна адшукаць і каля Берасця. У Шчытніках Брэсцкага раёна на каталіцкіх могілках знаходзіцца пахаванне ветэрана паўстання Антонія Калішка, які не толькі выжыў у ходзе боек і перажыў далейшыя рэпрэсіі, але і дажыў да сівых 95 гадоў.
У 2013 годзе каля вёскі Вароні Столінскага раёна ўзвялі сціплы металёвы крыж ў памяць пра двух пахаваных тут інсургентаў. Апроч узгаданых, амаль на кожных старых гарадскіх могілках можна сустрэць пахаванні ўдзельнікаў і ветэранаў паўстання.
Мемарыяльныя помнікі і камяні ў гонар касінераў усталяваны таксама ў г.п. Дамачава Брэсцкага раёна, у вёсцы Гарадзішча Баранавіцкага раёна. А ў вёсцы Крывошын Ляхавіцкага раёна знаходзіцца курган ў гонар паўстання.
У маёнтку Божы Дар Кобрынскага раёна пагадзіўся ўзначаліць паўстанцаў Кобрынскага павета будучы апошні кіраўнік паўстання Рамуальд Траўгут.
У Брэсцкай вобласці таксама маецца некалькі мясцін, звязаных непасрэдна з асобамі выбітных паўстанцаў. Кобрынскі «дом Суворава» насамрэч першапачаткова быў «домам Траўгута».
Дарэчы, нарадзіўся Рамуальд недалёка ад Брэста, ў Шастакове, дзе на месцы былой сядзібы ў 2003 г. размешчана мемарыяльная дошка. А жыў са сваёй сям’ёй Траўгут на Берасцейшчыне, ў вёсцы Астроўе цяперашняга Маларыцкага раёна.
Капліца-усыпальніца ў Закозелі таксама мае дачыненне да паўстання. Па некаторых звестках менавіта тут хаваўся ад пераследу ўжо згаданы Рамуальд Траўгут. А хавала і апекавалася ім сама Эліза Ажэшка.
Яшчэ адна капліца, рода Талочкаў, у Ракавіцы Брэсцкага раёна, звязаная з удзельнікамі паўстання – тут пахаваны змагары, якія паходзілі з Талочкаў.
Ускосна, але Сабор св. А. Неўскага ў Пружанах звязаны з падзеямі 1863-1864 гг. Яго пабудавалі на сродкі, сабраныя ў выглядзе кантрыбуцыі з удзельнікаў паўстання. Дарэчы, у Пружанах месціцца амаль не адзіная ў рэспубліцы вуліца, названая ў гонар К. Каліноўскага.
Як бачым, нават ў нашым краі яшчэ захоўваюцца мясціны, якія помняць і падзеі, і ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гг. Раім вандраваць па сваёй вобласці.
Ірына Мароз
Варта было згадаць, што помнік каля Сабалёў аднавіў берасцейскі мастак Анатоль Жалудко, які родам адтуль. У сабраным ім этнаграфічным музеі ёсць артэфакты і аўтарскія карціны, прысвечаныя паўстанню. Музей месціцца ў дзвюх хатах, купленых спадаром Жалудко адмыслова. Наведаць можна з папярэдняй замовы або пры нагодзе, калі гаспадар у Сабалях. Па-другое, «апекавацца, апякуецца». Інакш думаеш пра агонь. Па-трэцяе, прысвячэнне калон у Паланечцы і ..Асошніках спрэчнае. Ёсць версіі, што яны шведскія (былі каля адной знаходкі шведскіх ядраў) і польскія (у гонар Канстытуцыі 3 траўня).