Нядаўна ўсіх неабыякавых узрушыла навіна пра знаходкі астанкаў паўстанцаў на замкавай гары ў Вільні. Многія з цікаўнасцю адсочвалі свежыя навіны, што з’яўляліся ў СМІ. У выніку грамадскай ініцыятывы на магілах паўстанцаў з’явяцца і подпісы па-беларуску.

Аднак паўстанне Каліноўскага адбывалася не толькі «недзе там», а і ў нашай мясцовасці. Natatnik падрыхтаваў спіс месцаў Берасцейшчыны, дзе можна ўшанаваць памяць паўстанцаў 1863-1864 гг..

Карта паўстанцкіх бітваў 1864-1863 гг. з кнігі У. Зялінскага 1913 г.

Пачнем з найбольш знакамітага. У Мілавідах адбылася знакавая для паўстанцаў бітва 22 мая (6 чэрвеня) 1863 г.. Месца памяці досыць незвычайнае, бо змяшчае адразу тры мемарыялы. Першапачаткова ў 1913 годзе у памяць загінулых салдат крыж паставілі расійскія ўлады.

Крыж загінулым рускім вайскоўцам ў Мілавідах

У 1933 польскім бокам пабудавана капліца ў гонар паўстанцаў.

Капліца ў Мілавідах

А ў 1988 і 1993 беларускімі грамадскімі арганізацыямі пастаўлены два валуны ў гонар Каліноўскага і беларусаў-паўстанцаў. Цікава, што беларускі і польскі мемарыялы знаходзяцца праз дарогу ад расейскага, як бы намякаючы.

Беларускія камяні ў гонар паўстанцаў К.Каліноўскага

Мемарыяльныя калоны ў гонар паўстанцаў ёсць адразу ў двух вёсках – Палонск ды Магілёўцы Пружанскага раёна.

Мемарыяльная калона ў Палонску. Фота М. Кузіч
Мемарыяльная калона ў Магілёўцах. Фота М. Кузіч

На Берасцейшчыне захаваліся некалькі пахаванняў паўстанцаў:

У вёсцы Калоднае Столінскага раёна апрача помніка на месцы пахавання можна ўбачыць мемарыяльную арку ў гонар вядомай мастачкі Хэлены Скірмунт, а таксама рэшткі былой сядзібы Скірмунтаў, якая прыйшла ў заняпад пасля падзей паўстання. А яшчэ можна агледзець унікальны млын.

Пахаванне паўстанцаў ў в. Калоднае. Фота А. Дыбоўскі

У вёсцы Ласасін Пружанскага раёна знаходзіцца помнік на месцы пахавання 40 паўстанцаў, якія загінулі ў баі пад Ласасінам 24 траўня 1863 года. Гісторыя помніка заслугоўвае асобнага апавядання. Адразу пасля бітвы мясцовыя жыхары паставілі ва ўрочышчы Гантарыя драўляны крыж. Пасля улады міжваеннай Польшчы ў 1928 годзе ўстанавілі замест сатлелага крыжа гранітны помнік з выбітым надпісам: «Prochom 40 powstanców polskich poległych w 1863 r. w walkach z najezdzcą. Mieszkańcy powiatu» («Праху 40 польскіх паўстанцаў, якія загінулі ў 1863 годзе ў баях з захопнікамі. Жыхары павета»). Але савецкая ўлада ўзарвала помнік. У 1989 годзе яго аднавіла група краязнаўцаў, матэрыяламі і транспартам дапамаглі Пружанскі ПМК і радыёзавод. У 1998 годзе помнік быў расстраляны з верталёту (побач знаходзіцца вайсковы палігон). Чарговы раз ён быў адноўлены ў 2000 годзе, а таксама асвячоны па каталіцкаму і праваслаўнаму абрадах.

Сучасны помнік паўстанцам у в.Ласасін. Фота polesіe.org
Мемарыяльна шыльда на помніку ў в. Ласасін
Першапачатковы помнік паўстанцам у в. Ласасін, знічаны ў 1939 г.

На каталіцкіх могілках ў Косаве Івацэвіцкага раёна можна адшукаць пахаванне паўстанцаў з арыгінальным помнікам 1928 года.

Магіла паўстанцаў на каталіцкіх могілках у Косаве. Фота М. Кузіч

Незвычайнае месца ўшанавання памяці паўстанцаў існуе ў Івацэвічах. Недалёка ад горада, па дарозе на Косава знаходзіцца Шыбельная гара. Тут, у лесе, пасля паражэння паўстання царскія ўлады павесілі 20 інсургентаў. Тут жа яны былі і пахаваныя. Як распавядалі івацэвіцкія старажылы, яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя на соснах на Шыбельнай гары з-пад кары былі бачныя ўрослыя ў дрэва іконкі. Так мясцовыя жыхары ўшанавалі забітых тут змагароў. У памяць пра іх на гэтым месцы ў другой палове 1990-ых гадоў быў устаноўлены і асвечаны сціплы крыж.

Крыж на Шыбельнай гары ў Івацэвічах. Фота А.Дыбоўскі

На полі, паблізу вёскі Сабалі Бярозаўскага раёна, знаходзіца брацкая магіла паўстанцаў 1863-1864 гг. Пахаванне мае цікавае аздабленне – па кутах агароджы ўсталяваны чатыры баявыя касы, якімі карысталіся паўстанцы-касінеры. Пра падзеі, якія адбываліся ў мясцовых лясах, падрабязна распавядае вядомая пісьменніца Эліза Ажэшка ў сваёй кнізе «Gloria victis» («Хвала пераможаным»).

Пахаванне касінераў каля в. Сабалі. Фота М. Кузіч

Сляды паўстанцаў можна адшукаць і каля Берасця. У Шчытніках Брэсцкага раёна на каталіцкіх могілках знаходзіцца пахаванне ветэрана паўстання Антонія Калішка, які не толькі выжыў у ходзе боек і перажыў далейшыя рэпрэсіі, але і дажыў да сівых 95 гадоў.

У 2013 годзе каля вёскі Вароні Столінскага раёна ўзвялі сціплы металёвы крыж ў памяць пра двух пахаваных тут інсургентаў. Апроч узгаданых, амаль на кожных старых гарадскіх могілках можна сустрэць пахаванні ўдзельнікаў і ветэранаў паўстання.

Металічны крыж на месцы пахавання паўстанцаў у в. Вароні

Мемарыяльныя помнікі і камяні ў гонар касінераў усталяваны таксама ў г.п. Дамачава Брэсцкага раёна, у вёсцы Гарадзішча Баранавіцкага раёна. А ў вёсцы Крывошын Ляхавіцкага раёна знаходзіцца курган ў гонар паўстання.

Мемарыльны помнік ў гонар паўстанцаў у г.п. Дамачава. Фота М. Кузіч

У маёнтку Божы Дар Кобрынскага раёна пагадзіўся ўзначаліць паўстанцаў Кобрынскага павета будучы апошні кіраўнік паўстання Рамуальд Траўгут.

Мемарыльны камень у памяць паўстанцаў на хутары Божы дар. Фота В. Корабаў

У Брэсцкай вобласці таксама маецца некалькі мясцін, звязаных непасрэдна з асобамі выбітных паўстанцаў. Кобрынскі «дом Суворава» насамрэч першапачаткова быў «домам Траўгута».

Дом Траўгута ў Кобрыне. Здымак да 1939 г
Сучасны дом-музей Суворава ў Кобрыне, Былы дом Дом Траўгута. Фота С. Мацюхевіч

Дарэчы, нарадзіўся Рамуальд недалёка ад Брэста, ў Шастакове, дзе на месцы былой сядзібы ў 2003 г. размешчана мемарыяльная дошка. А жыў са сваёй сям’ёй Траўгут на Берасцейшчыне, ў вёсцы Астроўе цяперашняга Маларыцкага раёна.

Капліца-усыпальніца ў Закозелі таксама мае дачыненне да паўстання. Па некаторых звестках менавіта тут хаваўся ад пераследу ўжо згаданы Рамуальд Траўгут. А хавала і апекавалася ім сама Эліза Ажэшка.

Капліца ў Заказелі, дзе Эліза Ажэшка хавала Р. Траўгута

Яшчэ адна капліца, рода Талочкаў, у Ракавіцы Брэсцкага раёна, звязаная з удзельнікамі паўстання – тут пахаваны змагары, якія паходзілі з Талочкаў.

Капліца Талочкаў у Ракавіцы. Фота М. Кузіч

Ускосна, але Сабор св. А. Неўскага ў Пружанах звязаны з падзеямі 1863-1864 гг. Яго пабудавалі на сродкі, сабраныя ў выглядзе кантрыбуцыі з удзельнікаў паўстання. Дарэчы, у Пружанах месціцца амаль не адзіная ў рэспубліцы вуліца, названая ў гонар К. Каліноўскага.

Сабор св. А. Неўскага ў Пружанах. Пабудаваны на сродкі, канфіскаваныя ва ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гг. Фота К. Шастоўскі

Як бачым, нават ў нашым краі яшчэ захоўваюцца мясціны, якія помняць і падзеі, і ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гг. Раім вандраваць па сваёй вобласці.

Ірына Мароз

Подписаться
Уведомление о
guest
1 Комментарий
старее
новее большинство голосов
Inline Feedbacks
View all comments
Яўген Бяласін
Яўген Бяласін
4 лет назад

Варта было згадаць, што помнік каля Сабалёў аднавіў берасцейскі мастак Анатоль Жалудко, які родам адтуль. У сабраным ім этнаграфічным музеі ёсць артэфакты і аўтарскія карціны, прысвечаныя паўстанню. Музей месціцца ў дзвюх хатах, купленых спадаром Жалудко адмыслова. Наведаць можна з папярэдняй замовы або пры нагодзе, калі гаспадар у Сабалях. Па-другое, «апекавацца, апякуецца». Інакш думаеш пра агонь. Па-трэцяе, прысвячэнне калон у Паланечцы і ..Асошніках спрэчнае. Ёсць версіі, што яны шведскія (былі каля адной знаходкі шведскіх ядраў) і польскія (у гонар Канстытуцыі 3 траўня).