У супермаркетах Берасця можна набыць дысконтную ці бонусную картку, якая абяцае выгады і зніжкі. У якой сетцы найбольш прывабныя ўмовы? Дзе ладзяцца акцыі і праводзяцца сацыяльныя праграмы? З гэтымі пытаннямі будзем разбірацца ў чацвёртай частцы аглядаў берасцейскіх супермаркетаў.

Каб параўнаць прапановы розных гандлёвых сетак, палічым, колькі грошай за тры месяцы эканоміць сям’я, якая мае дысконтную картку і траціць у краме 400 рублёў у месяц.

У кожным супермаркеце бонусная і дысконтная праграма не распаўсюджваецца на наступныя тавары:

— алкаголь;

— тытунь;

— упакоўка;

— тавары на акцыях.

Карона

Бонусная карта Корона

Дысконтная праграма “Крама прыемных пакупак”. Прыдбаць картку можна на касе і ў першы ж дзень пачаць назапашваць балы. Праграма дзейнічае таксама ў крамах побытавай тэхнікі і электронікі “Карона Тэхна”. Памер зніжкі, якую можна атрымаць, разлічваючыся на касе, залежыць ад колькасці назапашаных балаў. Так, вы атрымаеце 1% зніжкі, калі цягам 90 дзён купілі тавараў на суму да 199 руб. 99 кап. Калі пакупак было больш, памер зніжкі павялічваецца.

Памер зніжкі, % Сума пакупак за 90 дзён
1 ад 0 руб. 00 кап. да 199 руб. 99 кап.
2 ад 200 руб. 00 кап. да 499 руб. 99 кап.
3 ад 500 руб. 00 кап. да 799 руб. 99 кап.
4 ад 800 руб. 00 кап. да 1199 руб. 99 кап.
5 звыш 1200 руб. 00 кап.

Варта памятаць, што балы на 91 дзень абнуляцца, то бок калі 1 жніўня сума вашага чэка складала 50 руб., а 1 верасня 200 руб., 1 кастрычніка зніжка будзе 2%, 1 лістапада ўжо 1%.

Прыемны бонус: на прадукцыю ўласнай вытворчасці пасля 20:00 можна атрымаць зніжку 15%, а ва ўсіх міні-крамах “Карона” дзейнічае ранішняя зніжка 5% да 12 гадзін. Але яны не сумуюцца са зніжкамі па дысконтнай праграме.

Падлік

Уявім, што ў мінулым месяцы ўжо было куплена тавараў на 400 руб. Колькі можна зэканоміць такім чынам?

Першы месяц, 400 руб.: 0,02*400 = 8 руб.

Другі месяц, 800 руб.: 0,04*400 = 16 руб.

Трэці месяц, 1200 руб.: 0,05*400 = 20 руб.

Выгада: 8 + 16 +20 = 44 руб.

 Санта

Бонусная карта Санта

Дысконтную картку са зніжкай 5% можна атрымаць бясплатна пры куплі тавараў на суму ад 45 руб. Трэба мець на ўвазе, што зніжка не распаўсюджваецца на тавары сацыяльнай значнасці, гандлёвая надбаўка на якія складае 20% і ніжэй. Згодна з унутранымі дакументамі кампаніі, дысконт не прадугледжаны для некаторых відаў хлебабулачных вырабаў, каўбас, сасісак і сардэлек, малочных прадуктаў (малако, кефір, смятана, тварог, алей), дзіцячага харчавання, цукру і інш. Поўны спіс змешчаны ў крамах у «Інфармацыі для пакупнікоў».

Штодзённа частка тавараў прадаецца са зніжкамі (з пазнакай “Купі выгадна”). Пасля 20:00 супермаркет прапаноўвае зніжку ад 5% да 15% на прадукцыю ўласнай вытворчасці: выпечку, салаты.

Падлік

Вылічэнне выгады, якую атрымае пакупнік, складанае, таму што з 400 руб., выдаткаваных на краму, пераважная большасць тавараў – сацыяльна значная, на якую зніжка не распаўсюджваецца.

Еўраопт

Бонусная карта Евроопт

Дысконтную картку “Е-плюс” можна набыць на касе за 0,99 руб. Яна дае магчымасць атрымаць зніжку ў крамах “Еўраопт”, “ТэхнаПлюс” і “Е-тэхна”, якія ўдзельнічаюць у дысконтнай праграме, а таксама ўдзельнічаць у дадатковых рэкламных мерапрыемствах. Звярніце ўвагу: пакупкі ў крамах “Бруснiчка” ўлічваюцца ў агульнай суме пакупак для вызначэння памеру скідкі, але дысконт у “Бруснiчках” не прадастаўляецца.

Максімальны памер зніжкі складае 5%  і залежыць ад сумы, якую пакупнік выдаткаваў у мінулым месяцы. Напрыклад, у жніўні было куплена тавараў на 301 руб., значыць, у верасні зніжка складзе 3%. Картка не дае зніжку на цукар, а таксама шэраг тавараў, якія рэалізуюцца вялікімі партыямі па зніжаным кошце.

Памер зніжкі, % Сума пакупак
1 ад 0 руб. 00 кап. да 100 руб.
2 ад 100 руб. 01 кап. да 300 руб. 00 кап.
3 ад 300 руб. 01 кап. да 500 руб. 00 кап.
4 ад 500 руб. 01 кап. да 700 руб. 00 кап.
5 звыш 700 руб. 01 кап.

Для пенсіянераў дзейнічае асобая праграма, якая дазваляе атрымаць зніжку 3% кожны будні дзень з 09:00 да 15:00. Штодзень шэраг тавараў прадаецца па “Чырвоным кошце” са зніжкай.

Гандлёвая сетка пастаянна ладзіць рэкламную гульню “Удача ў прыдачу”. Каб паўдзельнічаць, трэба купіць тавараў на суму больш за 10 руб., сярод якіх будзе “Тавар удачы”, выкарыстаць дысконтную картку і атрымаць спецыяльны код. Пераможцы атрымоўваюць кватэры, аўтамабілі ці грашовыя прызы.

Падлік:

Калі кожны месяц пакідаць у краме 400 руб., зніжка складзе 3%. Такім чынам, пакупнік зэканоміць 36 руб. (0,03*400*3).

Алмі

Бонусная карта Выгода Алми

Выгада!” — бонусная праграма, якая дзейнічае у крамах Алмі, Spar, ZAKRAMA і крамах-партнёрах. Картка каштуе 0,99 руб., і набыць яе можна на касе. Абавязкова трэба запоўніць анкету, каб прымаць удзел у спецыяльных акцыях і бонуснай праграме.

Колькасць балаў, якія пералічваюцца на картку, залежыць ад агульнай сумы чэка і захоўваецца на картцы 365 дзён: баламі можна аплаціць наступную пакупку альбо збіраць. Сістэма назапашвання ў табліцы:

Працэнт, які вяртаецца ў якасці бонуса Сума чэка
2 ад 0,26 руб. да 9,99 руб.
3 ад 10 руб. да 24,99 руб.
4 ад 25 руб. да 49,99 руб.
5 ад 50 руб.

Напрыклад, у чэку 20 рублёў — на карту пойдзе ў выглядзе бонусных балаў 3% (60 кап.). Калі пакупнік заплаціў 60 рублёў — 5% (3 руб.).

Прыемныя плюшкі:

— Для ўладальнікаў карт дзейнічаюць спецыяльныя зніжаныя цэны на шэраг прадуктаў;

— Кожны будны дзень з 08:00 да 16:00 у супермаркеце дзейнічае зніжка 5% па картцы «Сацыяльная»;

— За тры дні да і тры дні пасля дня народзінаў памер бонусаў за чэк павялічваецца ў два разы;

— У дзень народзінаў магчыма атрымаць бясплатныя цукеркі ці торт пры суме чэка 40 ці 50 руб. адпаведна.

Падлік

Уявім, што супермаркет пакупнік наведае 13 разоў за месяц. Сума кожнага чэка складае такім чынам 31 руб. Ён зэканоміць 48 руб. (400*0,04*3).

Green

Бонусная карта Грин

Атрымаць бонусную картку «GREENКАРТА” можна бясплатна, набыўшы тавары, агульны кошт якіх складзе 50 і больш руб. адным ці некалькімі чэкамі за розныя даты. Назапашванне балаў дзейнічае адпаведна табліцы:

Колькасць балаў (1 бал = 1 руб.) Сума чэка
0 менш 15 руб.
0,3 15-29,99 руб.
0,7 30-44,99 руб.
1,15 45-59,99 руб
1,65 60-74,99 руб.
2,2 больш за 75 руб.

За балы можна набываць тавары ў краме і выдаткаваць іх ужо ў наступным месяцы. Пажадана выкарыстаць усе балы, бо на наступны месяц яны не пераходзяць.

З 09.00 да 12.00 кожны пенсіянер можа атрымаць зніжку ў 5%, паказаўшы пенсійнае пасведчанне.

Падлік

Як і ў Алмі, уявім, што пакупнік 13 разоў наведаў краму, і сума кожнага чэка складае 31 руб.

0,7*13*3 = 27,3 балаў, 27,3 бала = 27,3 руб.

Мікс

Скидочная карта Микс

(дапоўнена)

Дысконтную картку можна набыць за 0,55 руб. на інфацэнтры альбо атрымаць бясплатна, разам з чэкам на суму 30 і больш руб. Зніжка, якую пакупнік атрымлівае з самага пачатку, складае 2%. Далей працэнт зніжкі залежыць ад агульнай сумы пакупак за мінулы каляндарны месяц (глядзіце табліцу).

Зніжка, % Сума пакупак
2 менш 100 руб.
3 100-150 руб.
4 150-200 руб.
5 200 руб.

Прыемныя плюшкі:

— Кожны ранак з 09.00 да 12.00 можна атрымаць зніжку 3% амаль на ўсе тавары.

— Купон на аднаразовую зніжку ў дзень народзінаў, які дазваляе атрымаць дадатковую зніжку ў 3% за 14 дзён да і 14 дзён пасля святочнага дня. То бок, пакупнік зможа атрымаць зніжку нават 8%.

— Вечаровая зніжка на кулінарныя і кандытарскія вырабы ад прадпрыемства ААТ “Прадтавары” 15% з 20.00 да 21.59 і 25% з 22.00 да 02.15.

— Штодзённая зніжка 25% на астуджаную рыбу ў час з 19.00 да 02.00.

Падлік

Ён вельмі просты: 0,05*400*3 = 60 руб.

Martinn

У гэтай сетцы крам няма сваёй бонуснай сістэмы. Ёсць ранішнія зніжкі 15% да 11 гадзін на усё тавары, акрамя акцыйных, уцэнкі, алкаголя, тытуня. Кожны тыдзень з’яўляюцца тавары на акцыі, памер зніжак можа быць больш за 50%.

Што атрымалася

Обзор супермаркетов Бреста скидки

Такім чынам, найбольш прывабным з пункту гледжання дысконтных і бонусных праграм выглядае Мікс. Найменш цікавым аказаліся Санта і Green.

У папярэдніх частках мы ацэньвалі супермаркеты па наступных крытэрах:

1. Экалогія і вегетарыянства;

2. Кошт прадуктаў;

3. Кулінарыя ўласнай вытворчасці.

Фота аўтара

Подписаться
Уведомление о
guest
0 комментариев
Inline Feedbacks
View all comments