У мінулую нядзелю, 29 лістапада, у грэка-каталіцкай царкве Берасця прайшла чарговая прэзентацыя кнігі Уладзіміра Арлова “Імёны Свабоды”.
Гэта ўжо трэцяе выданне, дапрацаванае і дапоўненае. Першы экзэмпляр свет пабачыў у далёкім 2007 годзе. З таго часу кніга “пацяжэла” роўна на 100 старонак. Сёння аб’ядноўвае гісторыі 300 дзеячаў навукі, культуры, журналістыкі, палітыкі і інш., якія змагаліся за свабоду ў самых розных яе ўвасабленнях.
Natatnik зазірнуў на сустрэчу і адабраў самыя цікавыя тэзісы з выступу аўтара.
Уступ
Я не буду шмат расказваць пра сябе. Бяру ў рукі кнігу, якая нас сёння сабрала. Вельмі дарагую кнігу. Назва яе “Імёны свабоды”. І імёнаў на вокладцы роўна 300. Кніга пра людзей, якія з часоў Тадэвуша Касцюшкі і да нашых дзён, змагаліся за свабоду ў самых розных яе падзеях і ўвасабленнях. За свабоду сумлення, слова, веры, творчасці. Маіх герояў аб’ядноўвае таксама тое, што кожны з іх, па-свойму, неяк паўплываў на мяне. З кімсьці мы былі асабіста знаёмыя. Натуральна, з людзьмі XVIII стагоддзя я мог пазнаёміцца толькі ў сваім уяўленні. І апошняе, што аб’ядноўвае герояў — іх жыццёвае кола скончылася. Усе яны там, у “нябёснай” Беларусі.
Мае героі — гэта паўстанцкія правадыры. Гэта палітыкі, гэта айцы БНР і БССР, лёс якіх быў аднолькава трагічны, літаратары, іншыя творцы, гісторыкі, шмат якія сталі ахвярамі сталінскага тэрору.
Пра герояў кнігі
Кастусь Акула. “Ён пісаў сваю кнігу без усялякай цэнзуры”
Пісьменнік, мой незабыўны, старэйшы сябар Кастусь Акула, які пражыў большую частку свойго жыцця за акіянам, у Таронта. Ён выдаў у 60-я гады выдатны раман — “Змагарныя дарогі”, дзе, упершыню, у выглядзе панарамнага палатна была паказана Другая сусветная вайна вачыма чалавека, які ваяваў у арміі саюзнікаў. Ён пісаў свою кнігу без усялякай ідэалагічнай цэнзуры.
Арына Вячорка. “Я яе называю рыцаркай Вялікага Княства”
З божай дапамогай, як гэта не парадаксальна, не мужчына, а менавіта жанчына адрадзіла ў Беларусі рыцарскі рух. Яна стварыла першы рыцарскі клуб: “Рыцары Вялікага Княства”. Потым адраджала цікавасць да музыкі эпохі ВКЛ – больш за 100 канцэртаў.
Міхал Жызнеўскі. “Аддаў сваё жыццё за будучыню братоў”
Адзін з самых маладых маіх герояў. Гэта наш беларускі юнак, які адзін з першых загінуў на Майдане ў Кіеве. Аддаўшы сваё жыццё за свабоду, за будучыню братоў.
Музычная пауза. Пра працу са Змітром Бартосікам
Калісьці мы праехалі з ім 10 тысяч кіламетраў па Беларусі, мелі дзесяткі выступаў. Пасля выйшла ягоная кніга “Чорны пісталет”, на чацвёртай вокладцы кнігі я сфармуляваў свае словы так: “Мы праехалі са Змітром дзесяць тысяч кіламетраў і мне ні разу не захацелася ўзяць у рукі чорны пісталет і застраліць свайго спадарожніка”.
Фото аўтара