Ульяна Гедзік – берасцейка, якая жыве ў Польшчы і спявае беларускія песні. Яе этна-джаз гурт Ulyánica, створаны разам з польскімі музыкамі, ужо першым альбомам народных песень скарыў крытыкаў: ён стаў найлепшым фолк-альбомам Беларусі на ўзнагародах experty.by 2018. Ад канцэрта-дыпломнай працы ў Познані да выступу хэдлайнерам на міжнародным фестывалі Sprava ў Віцебскай вобласці – Natatnik паразмаўляў з Ульянай пра заробкі музыкаў, Польшчу і Беларусь, а таксама пра нечаканыя ўзнагароды.

Ульяна Гедзік

– Музыкант – зараз не самая папулярная прафесія, асабліва ў Беларусі, чаму ўсё ж выбралі займацца музыкай і з’ехалі вучыцца ў Польшчу?

– Калі мне было 15-16 гадоў, я заўважыла, што заўсёды, калі пачынала займаца любымі справамі, музыка была са мной. Нешта ёсць ува мне, сястры і маме, ёсць патрэба ў музыцы. Мне здаецца, што калі пішу новыя аранжыроўкі, то гэта не я пішу музыку, а музыка сама трапляе да мяне, і я проста перапісваю на больш зразумелую мову для іншых людзей – ноты. Я чую мелодыю ў сваёй галаве. Ведаю, як павінна гучаць песня “Каля лесу”. З самага пачатку, калі я пачула яе у нейкага хора, я ўжо ведала, як яе будзе граць гурт. І ў большасці песень так. Таму я і займаюся музыкай, што проста немагчыма ад яе адысці.

Вучоба ў Польшчы была прасцей у сацыяльным плане. І я разумела, што заўсёды змагу вярнуцца. І мне заўсёды хацелася вяртацца. Былі хвіліны, калі было вельмі складана ў Польшчы праз ментальные нейкія рэчы і іншыя. Але я ведала, што трэба ісці наперад і пераадольваць свой страх.

– Зараз ёсць моманты, калі хочацца вярнуцца і рабіць нешта тут?

– Так, таму я і вяртаюся. Там мяне трымае праца, сябры і гурты, а сюды прыцягваюць родныя. І натхненне ў мяне большае, калі я дома. Калі навокал рэчы, якія я добра ведаю і добра разумею. Тут адчуваеш сябе гаспадаром, і гэта нічым не заменіш.

Можна жыць у розных краінах і добра сябе адчуваць, але свабодна удыхнуць і выдыхнуць я магу толькі дома, ў Беларусі.

Яшчэ 2 гады таму я ўжо шукала магчымасць рабіць нешта тут. У 2016 годзе я пазнаёмілася з сям’ёй Паспяшальскіх. Яны на працягу 13 гадоў арганізоўваюць варштаты для таленавітай моладзі ў Івянцы і запрасілі мяне з сабой. Я прыехала і здзівілася! Было 500 чалавек, некаторыя і музыкай раней не займаліся, але з цудоўнымі галасамі. Яны з задавальненнем вучыліся ўсяму. Прыехала шмат беларускіх гуртоў, і яны запытваліся ў мяне, як лепей скончыць ці пачаць песню. Я была ўражаная колькасцю людзей, і калі я ехала ў Польшчу, то ўжо ведала, што буду шукаць магчымасці, каб вярнуцца. Мне ўсё роўна, дзе я выкладаю, у Польшчы ці тут. Але ўнутры я ведаю, што хацелася б інвеставаць свой талент таксама ў Беларусь. Я лепш разумею беларусаў, а не палякаў. Таму калі мы толькі запісалі альбом, я яго адразу даслала на experty.by. Вось так і пачалася мая гісторыя.

– Сваім альбомам вы хацелі паказаць беларускую музыку палякам?

– Дакладна, гэты дыск – мая дыпломная праца. Не сам альбом, а рэпертуар. Мой дыплом па джазаваму мастацтву выглядаў так, што я павінна была сыграць канцэрт і напісаць працу. Праца мая была пра тое, як уздзейнічае фальклор на сучасных кампазітараў і музыкантаў. І каб гэта было больш аўтэнтычна і зразумела, я выкарыстала фальклор беларускі, у прыватнасці палескі. Шмат людзей, якія прыйшлі на мой канцэрт, былі пазітыўна здзіўлены. Яны казалі: “Уля, дык ты нават па-іншаму спяваеш! Чаму ты беларускую музыку не спявала раней?” На абароне дыплома быў аншлаг. Мая сястра, калі прыехала з мамай, нават сказала, што у мяне столькі кветак, колькі ў яе на шлюбе не было. Гэта быў для мяне такі боскі палец, які паказаў, што вось гэта мне трэба рабіць, а не іншыя джазавыя рэчы. І калі для палякаў мой канцэрт быў такім прыемным здарэннем, то я зразумела, што я павінна займацца гэтым. Таму што ўсё, што я раблю, павінна быць не толькі для мяне, але і для людзей. Я бачыла, што яны задаволеныя, што нешта змяняецца ўнутры, калі чуюць маю музыку. Гэта для мяне найгалоўнейшая справа.

– Як адшукала музыкантаў?

– Мы пазнаёміліся з Адамам і Патрыкам у Акадэміі ў Познані. Яны вучыліся разам са мной, Адам перада мной скончыў, а Патрык на год пазней. Мы гралі разам на джэм-сэйшнз. Адам, калі садзіцца за перкуссію, адчувае сябе гаспадаром планеты. І як чалавек вельмі добры сябр. Пра Патрыка я ведала, што ён хутка развіваецца. І калі мы больш пазнаёміліся, я зразумела, што ён слухае гэту музыку і хоча граць яе. З Томэкам мы пазнаёміліся пазней таксама на джэм-сэйшне, мне спадабалася, што ён не грае, як класічны джазавы піяніст, а заўсёды шукае новыя вырашэнні. І для мяне гэта была вельмі патрэбная рэч. А спачатку з намі граў іншы піяніст – Кшыштаф Дыс. Вельмі таленавіты музыка з рознымі ўзнагародамі, але ён не мог ездзіць з намі. Раман Кранюк – кантрабасіст, якога мне параілі. Ён займаўся фальклорам, граў у гурце з шасцю кантрабасістамі, і ўсе спявалі народныя песні.

UlyanicaУвесь працэс размоў з музыкантамі і думак ў мяне заняў прыкладна месяц. Я хацела, каб гэта былі людзі, якія хутка знойдуць сябе ў нечым новым і не зацыкленыя толькі на джаз. Калі яны ў маёй галаве былі выбраныя, я пайшла з імі размаўляць, і ўсе хутка пагадзіліся. Калі былі размовы пра дыск, з’явіўся Віталь Воранаў, з якім я пазнаёмілася ў Познані праз беларускае таварыства. Вось так выглядае наш гурт.

– Калі вы запісалі дыск і перамаглі ў намінацыі “Фольк-альбом года ў Беларусі”, што адчувалі і што адбывалася далей?

– Было вельмі нечакана. Для мяне гэта падвоенная перамога. Мы атрымалі прапанову запісаць альбом падчас нашага дэбюту ў Польшчы, ў Сопаце на фестывалі Jazz Wolności. У нас нават не было яшчэ назвы, таму мы называліся Ulyana Ethno Quintet. Там нас заўважыў у журы выдатны саксафаніст і скрыпач Міхал Урбанек і варшаўскае выдавецтва Фортун. З 36 гуртоў былі выбраны 5, і з гэтай пяцёркі мы атрымалі спецыяльную ўзнагароду – запісаць дыск.

Першая ўзнагарода на першым канцэрце. Для мяне гэта быў шок.

Калі мы выдалі альбом, пачалі планаваць канцэрты, шмат хто параіў, каб нам напісалі рэцэнзію на альбом. Нам складана было напісаць пра свой жа альбом. Я даслала запіс на experty.by, яны адрэцэнзавалі і запрасілі мяне прыехаць у Менск. Калі на сцэне прагучала, што Ульяніца – фольк-альбом года, я была вельмі здзіўлена. Па-першае, што альбом быў прызнаны беларусамі, а па-другое, я б не назвала гэта чыстым фолькам, таму што тут шмат джазу. Мяне ажно крыху калыхнула.

– Як адрэагавалі хлопцы?

– Калі я атрымала гэтыя дыпломы, даслала здымак хлопцам і напісала: слухайце, дарагія маі, цяпер мы зоркі і ў Беларусі – фольк-альбом года і дэбют года! Яны былі вельмі задаволеныя, адразу запыталіся, калі будзем святкаваць. Таксама былі пытанні, калі паедзем выступаць у Беларусь. Але, на жаль, дата фестываля Sprava, куды нас запрасілі, супадала з канцэртамі ў Польшчы, таму і трубач, і барабаншчык не змаглі прыехаць. Мы вырашылі, што канцэрт у Менску і, магчыма, у Берасці мы перанясем на познюю восень ці зіму, каб прыехаць поўным складам гурта.

Фестываль Sprava

Калі мы вярталіся, заехалі ў маю вёску – для мяне гэтыя хвіліны былі спалучэннем дзяцінства і дарослага жыцця. Атамны выбух унутры мяне. І хлопцы вельмі добра зрэагавалі: “А гэта што? Палессе? Адсюль гэта музыка?” Я адчула, што яны зразумелі мяне. Усё ж палякі ментальна бліжэй да беларусаў, чым мы думаем.

– У Польшчы шмат запрашэнняў з канцэртамі?

– Тэлефануюць шмат, але музыканты выступаюць асобна са сваімі гуртамі і складана сабраць усіх. Шмат адмаўляемся. часам, я езджу ў дуэце з Віталём Воранавым, бо так прасцей. А калі казаць пра Ulyánica, то мы граем на вялікіх фестывалях. У нас нават з’явіўся менеджэр.

Нашы перамогі прымусілі задумацца, дзе мы будзем выступаць, для якой публікі? Нават калі нам плацяць за выступ, то часта мы проста выходзім на нуль, бо не жывем у адным горадзе і сабраць усіх каштуе грошай.

– А можна ў Польшчы музыкантам добра жыць, выступаючы на канцэртах?

– Гэта вельмі складана, але можна. Улічваючы тое, што джазавыя музыканты заўсёды найбяднейшыя. Але гэта магчыма, калі ў цябе невялікі гурт, напрыклад трыа. Калі ў цябе 5 выдатных музыкантаў, то тут ужо трэба думаць, як. Мы не адыгрываем стандартныя канцэрты, гэта хутчэй арт, кожны канцэрт гучыць па-рознаму. Напрыклад, у Варшаве з намі выступаў хор, які я вучыла спяваць народным голасам, і яны заспявалі “Юр’я”.

Калі мы выступаем, нам усім павінна быць прыемна. І праз тое, што мы робім, і праз тое, колькі мы зарабляем.

– За берасцейскай сцэнай сочыце?

– Так, ведаю Воўку Плюмбума. Мой сябра з вучобы з коледжа грае ў “Дай Дарогу!”, ведаю музыкантаў з Muzzart. Больш цяжкую музыку я разумею, але гэта не тое, што я слухаю. Я люблю цішыню, калі ёсць поле, лес і сонца. І калі выязджаю на Палессе, разумею, што мае думкі прыходзяць у парадак.

– Новы альбом плануеце складаць з беларускіх песень?

– Так, дакладна. Але песні будуць невядомыя. Гэта песні з архіваў, і тых, што атрымала ад мамы ў падарунак. Я адабрала больш за 30 песень, якіх нідзе не чула і не бачыла ў інтернэце. Складана пра гэта гаварыць, але я ўпэўнена, што будзе цікавы альбом. Думаю, што ў ім дададзім некалькі новых інструментаў. Калі з’явіцца – не скажу. Я не чалавек дэдлайнаў, для мяне галоўнае, каб было якасна і добра зроблена. Пакуль мы будзем граць са старым рэпертуарам.

Фота з асабістай старонкі героя, 34mag.net

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

 
 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о