Людзі сталага веку з традыцыйных вёсак пакідаюць свае хаты з крайніх прычын: з’ездзіць да лекара, да дзяцей у горад – і гэта, мусіць, поўны пералік. Каардынатары праекта “Вёска, якая не павінна знікнуць” возяць старых людзей у музеі. Як ім такое ўдаецца?

Бабулі, вёска, экскурсіі для бабуль

Вяскоўцы збіраюцца ля гутаўскай крамы раўнютка ў час, невялікімі групкамі. Ехаць ім нядоўга і недалёка — ад Гутава да Моталя ўсяго кіламетраў з 30 – але ўсе нясуць хто сумкі, хто пакеты. Адна жанчына жартуе, што так прасцей нешта ўкрасці, але пасля дадае, што разлічвае прыкупіць мотальскіх каўбас.

Пакуль чакаюць тых, хто крыху позніцца, абменьваюцца апошнімі навінамі, сяброўкі цалуюцца і перадаюць прывітанні кумам. Усе ў заразліва ўзнёслым настроі.

Пасля ў аўтобусе коратка абмяркоўваюць тых, хто адмовіўся ад паездкі, спаслаўшыся на дрэннае здароўе: “А то нывжэж завтра вмрэ!” Для 80-гадовых бабулек спасылка на галаўны боль і павышаны ціск – так сабе апраўданне, бо здаровых у такім узросце няма. “Всё равно вмыраты, — са смяшком кажа сімпатычная бабуля на суседнім крэсле, Ніна. – Поіду, то хоть людэй побачу”.

Бабулі, бабушки

Уздоўж бетонкі, як называюць мясцовыя гомельскую шашу, стаяць выбеленыя сонцам злакавыя. Кіроўца-гараджанін пытае, што тут расце, і набіты сельскімі жыхарамі аўтобус аўтарытэтна распавядае, і па якіх прыкметах можна вызначыць ячмень, і як на яго рост паўплывала двухмесячная адсутнасць дажджу, і што яго даўно трэба было прыбраць, бо “він пэрыстоюе”.

У самім Моталі пажылая аўдыторыя ўжо пачынае адчуваць сябе экскурсійнай групай. “Бач, якеі в іх крыжэ стоеть!”, “А квыток кілько!” Мая суседка Ніна ў Моталі ніколі не была, але не ведаць пра яго, жывучы на Палессі, не можа. Як быў ён заможным мястэчкам з прадпрымальным насельніцтвам, так нязменна застаецца такім па гэты дзень. Хіба этнічна-рэлігійны склад змяніўся, пасля таго як хрысціянскае насельніцтва перасталі разнастайваць габрэі.

Бабулі, бабушки

Аўтобус апошні раз паварочвае, праязджае міма царквы, драўлянага млына ды спыняецца ля Мотальскага музея народнай творчасці. Экскурсанты не спяшаюцца пакідаць насіджаныя месцы, пакуль не ўпэўніваюцца, што экскурсія вось-вось пачнецца. У нагах праўды няма, асабліва, калі ты з 30-х гадоў мінулага стагоддзя.

На легкавым аўтамабілі да групы далучаюцца каардынатары праекта, і вось экскурсанты ідуць у археалагічны філіял. Тут трэба падняцца на другі паверх, і гэта апынаецца выклікам. Маладзейшыя пераадольваюць перашкоду лёгка, але большасць збіваецца ў кучку ды чакае сваёй чаргі на пад’ём, каб цвёрда трымацца за парэнчы.

Вяскоўцы паслухмяна ходзяць за маладым экскурсаводам, слухаюць і адгукаюцца, але выглядае, што каменныя знаходкі іх не асабліва інтрыгуюць. Усё мяняецца ў асноўным будынку музея, дзе ў экспазіцыях знаходзяцца прылады працы, вясковая вопратка і даматканыя вырабы. За ажыўленымі каментарамі ўжо цяжка пачуць экскурсавода. “У мынэ такеі шче дві е!” – пастуквае адна з жанчын сваім кійком па драўлянай балейцы. “А у мынэ два серпа!” “Ой, як жэ тежко було той лён оброблеты!” Мужчыны збольшага маўчаць, толькі калі экскурсавод даходзіць да конскай збруі, лаканічна пацвярджаюць, што яна называе прадметы правільна.

Першы пасляваенны вясельны фотаздымак таксама ўзрушвае больш жанчын. Яны прыгадваюць, што ўсё гэтак жа было і ў іх Гутаве: запрэжаны парай коней вясельны абоз, ручнікі на вазовай дузе, сціпла прыбраныя маладыя.

Бабушки в музее
Бабушки в музее
Бабушки в музее

Супрацоўнікі музея, намоўленыя арганізатарамі, не моцна загружаюць адметную аўдыторыю. Не аперуюць лічбамі і навуковымі фактамі, не затрымліваюцца надоўга ў адной зале, каб тыя, каму “шэ ныма і восемнаццаті” маглі хутчэй сесці. У самай вялікай зале музея іх якраз чакаюць лавы і крэслы, а таксама фальклорны калектыў “Мотальскія суседзі”, які адразу падкупае вяскоўцаў сваёй мовай.

‒ Зара поспываемо… ну вона односыцця до высняных пысінь, але мэ надто любымо іі спываты. “Посію гурочкі”. Знаітэ гэту пісьню?

‒ Знаім, любымо! – загула жаночая большасць.

Салістка калектыва запрашае спяваць разам, але гутаўскія жанчыны і без закліку падцягваюць тое, што ведаюць. Ледзь не пасля кожнай песні дзякуюць за добрае выкананне: “Я б у вас тут і жэты усталася – так вітэ мны понравыліся!”, “Дай вам бог мныго год прожэты і так хорошэ спываты!” На апошняй песні пра гады, што незаўважна мінаюць, дзе-якая бабуля цішком выцірае слёзы.

Пасля канцэрту ўзбударажанай публіцы паказваюць рэшту залаў і запрашаюць на невялікую пачостку: халаднік ды закускі з акцэнтам на мясцовае – каўбасы і рыбу.

Глянуўшы на стол, гутаўцы зноў прыгадваюць пра важнае і запытваюць, ці завязуць іх у краму. “Бо я для гэтого і іхала”, — паўжартам прызнаецца адна з гутавянак. Арганізатары супакойваюць: завязуць.

Бабулі і дзядулі на экскурсіі

Бабулі і дзядулі на экскурсіі

Усё мерапрыемства з дарогай займае каля пяці гадзін. За гэты час вяскоўцы паспяваюць перажыць драйв ад прыгоды, пры гэтым не вельмі перажываючы за свае хранічныя хваробы. Марыя Скаль са сваім паркенсонам дакладна не паехала б далёка, тым больш што ў незвычайных абставінах цела дрыжыць мацней, чым дома – нават у такой бяскрыўднай паездцы, як гэта. Але Марыя не шкадуе, што адважылася выбрацца. Задаволена хаця б тым, што наспявалася.

А Марыя Васілюк дзеліцца супярэчлівымі эмоцыямі ад наведвання музея: гэта і радасць ад самой паездкі і канцэрта, і сум ад згадкі, як цяжка яны ўсе колісь працавалі. “Вашы ўнукі толькі ў музеі і могуць на гэта паглядзець. Так ужо не ведаюць”, — падтрымліваю размову. – “Ны знають. Коб і ны зналы!” – адказвае жанчына.

 

Бабулі і дзядулі на экскурсіі Бабулі і дзядулі на экскурсіі

Калі каардынатары “Вёскі, якая не павінна знікнуць” думалі пра экскурсіі для сваёй мэтавай аўдыторыі – а гэта людзі, старэйшыя за 74 гады, тобок народжаныя раней за 9 мая 1945 года, – то адразу вырашылі, што гэта будуць цікавыя, але даступныя месцы. Выбар прыйшоўся на “Бездзежскі фартушок” і Мотальскі музей народнай творчасці.

‒ Першы раз сабраць пажылых вяскоўцаў было крыху складана. А як першыя з’ездзілі ды расказалі іншым, як пачала працаваць такая бясплатная рэклама, то ўсё стала значна прасцей, — кажа каардынатар праекта “Вёска, якая не павінна знікнуць” Людміла Карнеева. Яна арганізавала ўжо пяць экскурсій для сваёй мэтавай аўдыторыі, яшчэ адна наперадзе. А ў праекце ж шмат і іншых актыўнасцей, напрыклад, майстар-класы і этнаграфічныя канцэрты, збор і апрацоўка вуснай гісторыі. І ўсё гэта на працягу двух з лішнім год. Не дзіўна, што ўсе тут Людмілу называюць Мікалаеўнай і не ўяўляюць, як гэта праект закончыцца, і яна перастане да іх ездзіць.

Моталь, экскурсія

Моталь, экскурсія

Людміле Карнеевай актыўна дапамагае і яе сястра Ларыса Быцко – першы каардынатар шматгадовага праекта “Вёска, якая не павінна знікнуць”. Людміла з Ларысай паходзяць з Драгічыншчыны і хацелі зрабіць нешта для сваіх людзей, асабліва пажылых. Па-мойму, у іх выдатна атрымалася.

Праект “Вёска, якая не павінна знікнуць” фінансуецца нямецкім фондам “Памяць, адказнасць, будучыня” праз міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемапаразуменне”. Афіцыйным рэалізатарам з’яўляецца аб’яднанне аматараў мастацтваў “Тур”.

Іна Хоміч, фота аўтаркі

Подписаться
Уведомление о
guest
2 комментариев
старее
новее большинство голосов
Inline Feedbacks
View all comments
Kate Gorik
Kate Gorik
6 лет назад

Очень интересно.

Наталия Гарайкина
Наталия Гарайкина
6 лет назад

Атрымала вялікае задавальненне ад тэксту!