Што такое жывая бібліятэка? Гэта такое месца, дзе кнігі — гэта людзі, чытачы – таксама людзі. Атрымліваецца, людзі прыходзяць “пачытаць” людзей. І гэта зусім іншае, чым прачытаць у інтэрнэце гісторыю пра гея ці паглядзець відэа са сходу крышнаітаў. Тут перад табой сядзіць “жывая кніга”, ты бачыш яе вочы і можаш задаваць любыя пытанні.
У Берасці сустрэча ладзілася напярэдадні Вялікадня, напэўна, таму людзей было і не шмат. Але адначасова гэта дало мне магчымасць пабываць і ў ролі чытача, і ў ролі кнігі.
Мая кніга называлася “Беларускамоўная”. Мне падавалася, што ў гэтай тэме няма нічога незвычайнага і надта цікавага. Так, мае чытачы не здзіўляліся маёй беларускамоўнасці, але раптам я схапіла сябе на думцы “а дзе яшчэ мы вось так паразважаем?”. Паразважаем наконт таго, чаму адзін чытач лёгка перайшоў са мной на беларускую, а другі сказаў, што мова яму падабаецца, але ёсць нейкі бар’ер вымавіць беларускае слова. Прыгадаем, што некаторыя з нас вучыліся ў беларускамоўнай школе, а зараз лічаць беларускую мовай апазіцыі. Паспрачаемся, да якой мовы больш падобна наша мова: да рускай, украінскай ці польскай. Даведаемся пра такія незразумелыя паняцці як “тарашкевіца” і “наркамаўка”. Задумаемся над пытаннем, што чакае новае пакаленне беларусаў, калі яны не будуць размаўляць па-беларуску…
Наша размова не была маім маналогам. І мне гэта спадабалася. Бо калісьці я была на месцы чытача “беларускамоўнай кнігі”, і ў маёй галаве жылі такія ж пытанні і сумневы. Спадзяюся, што нехта з маіх чытачоў задумаецца над тэмай беларускай мовы ў нашым жыцці. Бо я ў гэтай бібліятэцы сур’ёзна задумалася над іншымі тэмамі.
Якія кнігі паспела прачытаць я? Маці, у якой дзіця хварэе на аутызм. Псіхолаг, які працуе са складанымі дзецьмі і зняволенымі падлеткамі. Дзяўчына веган-сыраед. Я не буду пераказваць іх гісторыі, бо гэта зноў жа значыць — прачытаць тут і не зразумець “кнігу”. Я толькі хачу падзяліцца сваімі думкамі. Думкамі, якія нарадзіліся ў мяне там, менавіта падчас “чытання”, і якія маглі б ніколі не з’явіцца ў маёй галаве пры звычайным руху жыцця.
Пра дзяцей-аутыстаў я, магчыма, чула недзе ў навінах і чытала адзін артыкул, бо заўсёды гэтая тэма ўспрымаецца цяжка. Таму я спрабую абмежавацца ад яе на падсвядомым узроўні. А тут я пабачыла маці – ладную дзяўчыну ў прыгожай сукенцы, якая ўсміхаецца і адкрыта да дыялогу. Яна прызнаецца, што прайшла вельмі цяжкі шлях ад моманту, калі ўпершыню яе сыну паставілі дыягназ. Але зараз, прабіваючыся праз сацыяльныя абмежаванні і грамадскія стэрыятыпы, яна распавядае нам тое, чаго мы не ведаем. Не ведаем таму, што жывем у сваім маленечкім сусвеце, а ўсё, што па-за межамі яго, нас не кранае. А тут я хачу і задаю ёй пытанні: “Як да вашага сына ставяцца ў школе іншыя дзеці? “Ці падтрымаў вас муж, калі даведаўся пра хваробу?” “Вы гатовыя яшчэ завесці дзяцей?” І калі я чую адказы, я разумею, што я нічога не ведаю пра гэта жыццё.
Насамрэч побач з намі жывуць такія розныя і па-свойму цікавыя “кнігі”. Толькі нашыя жыццёвыя шляхі не скрыжоўваюцца, і мы мінаем адзін аднаго. А слухаць чалавека, які прафесіянал у сваёй справе ці вельмі апантаны нейкай ідэяй – гэта ж сапраўды такое задавальненне! І яшчэ адзін вельмі важны момант “Жывой бібліятэкі” – гэта змаганне з дыскрымінацыяй. Я б з вялікай цікавасцю паслухала, напрыклад, цёмнаскурага чалавека, які жыве ў Беларусі, ці наркамана, які змог перадолець сваю залежнасць. Не трэба заплюшчваць вочы на такіх людзей, яны ёсць, яны стаяць з намі ў адной чарзе за хлебам і таксама, як і мы, хочуць лепшай долі для сябе і сваёй сям’і.
Мне здаецца, што наша грамадства пакуль не гатовае спакойна ўспрымаць усіх “не такіх” людзей. Але вы можаце проста паспрабаваць паразмаўляць з тым чалавекам, якога баіцеся ці адштурхоўваеце, а раптам перад вамі адкрыецца “кніга”.
Вольга Малафеечава