Тэлеграм-канал «Спадчына» падрыхтаваў суб’ектыўны спіс страчанай архітэктуры Беларусі за 2019 год. Тут ёсць берасцейскія дамы на Савецкай, дом на плошчы Леніна ў Пінску, драўляная царква ў Кобрынскім раёне і нават помнік Леніну ў Смаргоні.

Дом Кудзіна — ахвяра Дажынак, Чэрвень

Сапраўднай эпапеяй гэтага года стала гісторыя з домам Кудзіна, найбуйнейшага гістарычнага будынка ў Чэрвені. У 2020 годзе ў гэтым горадзе мусяць прайсці Дажынкі — тое самае свята, чыя аблагаражвальная сіла вычысціла ад гістарычнай забудовы шматлікія гарады і мястэчкі Беларусі. Прыгадаем хоць бы знішчэнне аднаго з 2 гістарычных будынкаў у Рэчыцы, калі былую жаночую гімназію пазбавілі ахоўнага статусу і знеслі перад Дажынкамі. 

У чэрвені 2018 года ТАА «Універсальныя будаўнічыя тэхналогіі» было праведзена абследаванне будаўнічых канструкцый будынка, паводле вынікаў якога вырашылі ўмацаваць падмуркі жалезабетоннымі абоймамі па ўсім перыметры апорных сцен, умацаваць цагляную кладку апорных сцен, цалкам замяніць міжпавярховае перакрыцце і гарышча, умацаваць вонкавыя сцены будынка і іншае. Аднак Чэрвенскі раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне аб зносе дома і ўзвядзенні новага будынка ў псеўдагістарычным стылі, які не мае нічога агульнага з арыгінальным будынкам.

Супраць знішчэння будынка і за наданне яму ды шэрагу іншых будынкаў у горадзе статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці (зараз у Чэрвені няма ніводнага будынка з такім статусам, нягледзячы на відавочна каштоўную забудову мяжы XIX-XX стст. на плошчы Свабоды) была складзена петыцыя, пад якой падпісаліся больш за 400 чалавек. Міністэрства культуры Беларусі, рэагуючы на калектыўны зварот грамадзян, звярнулася ў Мінскі аблвыканкам і Чэрвеньскі райвыканкам аб неабходнасці прыняцця мер па захаванні гістарычных будынкаў. Аднак, аблвыканкам у сваім адказе падтрымаў разбурэнне гістарычнага дома Кудзіна дзеля ўзвядзення новабудоўлі, бо, на думку чыноўнікаў, гэта «не парушыць гістарычную аб’ёмна-планіровачную структуру, культурны гістарычны ландшафт будзе захаваны«. Таксама аблвыканкам не ўбачыў падстаў надаваць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці гістарычным будынкам у горадзе, аргументуючы гэта тым, што яны ў ходзе шматлікіх рамонтаў былі значна змененыя і страцілі аўтэнтычнасць.

Мемарыяльныя дошкі, якія пацвярджаюць гістарычную каштоўнасць будынка

Напрыканцы жыцця дома сітуацыяй зацікавіліся ў Беларускім саюзе архітэктараў (БСА) і на АНТ. БСА ў асобе гісторыка архітэктуры эпохі класіцызму Валерыя Марозава пачаў рыхтаваць зварот у абласны і раённы выканкамы за захаванне помніка. Журналісты з АНТ звязаліся з актывістамі за дзень да зносу, каб зняць рэпартаж у абарону дома Кудзіна. Але раптам адклалі. Паводле іх слоў, яны звязаліся з Мінкультуры, дзе ім сказалі, што ў міністэрстве былі спачатку супраць зносу, але цяпер за.

Дом перад зносам

Дом быў знесены 3 снежня 2019 года. Калі для Мінска ці Гродна гэта была б балючая страта, то для невялічкага Чэрвеня гэта страта свайго аблічча. 

Знос дома на вуліцы Валковіча, 23. Гродна

Каля 6 раніцы 19 снежня рабочыя прыступілі да зносу багата дэкараванага драўлянага дома на рагу вуліц Валковіча і 17 Верасня. Дом на Валковіча пуставаў больш за 6 гадоў. Пасля высялення апошніх жыхароў гарадскія ўлады так і не знайшлі яму прымяненне, пабудову пачалі зносіць з прычыны аварыйнасці. Гісторык Андрэй Вашкевіч і краязнаўца Ігар Лапеха пісалі ў Міністэрства культуры, каб дому далі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. 

Дом на Валковіча, фота dreva.by

Дом на вуліцы Валковіча, 23 быў пабудаваны ў пачатку 20 стагоддзя ў стылі «рускага драўлянага мадэрну». Падобных пабудоў у горадзе больш няма. Да Другой сусветнай вайны ў двары дома стаяў фантан са скульптурамі. На галоўным фасадзе захоўваліся рэшткі разнога дэкору. Кампазіцыйным акцэнтам фасада з’яўляўся асіметрычна размешчаны эркер. Над галоўным уваходам у дом захоўваўся каваны казырок працы гродзенскіх майстроў.

Эркер, фота dreva.by

Некаторыя гарадзенцы, нягледзячы на ранішні час, прыйшлі, каб выказацца супраць знішчэння старадаўняга будынка, але экскаватары былі няўмольнымі.

Фота hrodna.life
Фота hrodna.life

Царква Святога Дзмітрыя Салунскага ў в. Лелікава

10 сакавіка згарэла царква Святога Дзмітрыя Салунскага XVIII стагоддзя ў в. Лелікава, помнік заходнепалескай школы дойлідства. Агнём знішчаны дах царквы, моцна пашкоджаныя сцены і маёмасць. 

У Кобрынскім раёне збіраюць грошы на аднаўленне царквы.

Петрапаўлаўскі касцёл у в. Рамні

17 красавіка згарэў драўляны касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла ў в. Рамні Гарадоцкага раёна, пабудаваны ў 1896 годзе. Будынак храма стаяў закінутым больш за 30 гадоў.

У дачыненні да 40-гадовага жыхара вёскі, які паліў сухую траву і выпадкова спаліў помнік архітэктуры, узбуджана крымінальная справа. Касцёл ацанілі ў 70 тысяч рублёў.

Калі пажар у Нотр-Даме нечаканая трагедыя, то знішчэнне беларускіх храмаў агнём — заканамерны вынік нядбайнага стаўлення да сваёй спадчыны.

Езуіцкі касцёл у Мсціславе

Пасля значных разбурэнняў 2017-2018 гадоў, калі абрынулася частка сцен барочнага касцёла, у гэтым годзе дзеля пачатку кансервацыі давялося абрынуць яшчэ адну, паўночную сцяну. Калі там быў нейкі манументальны жывапіс (што не выключана, бо суседні кармеліцкі касцёл багата распісаны), дык ён беззваротна страчаны для нас, ператварыўшыся ў друз.  

Дом па вуліцы Урыцкага, 5. Гродна

У верасні 2016 года будынак быў прададзены за 1 базавую. З прычыны таго, што аб’ект складаўся з чатырох фрагментаў, то агульная сума здзелкі склала 84 рубля. Па ўмовах аўкцыёну, новыя гаспадары павінны зрабіць капрамонт і пачаць яго эксплуатаваць у тэрмін не пазней за 3 гады з моманту падпісання дагавора куплі-продажу.

Двухпавярховы цагляны дом у эклектычным стылі на вуліцы Урыцкага, 5 быў пабудаваны ў 1890 годзе. У кастрычніку 1944 года ў ім размяшчаўся ваенны трыбунал войскаў НКУС, у 1950-м — аддзяленне «Ваенгандлю».  З пачатку 2000-х дом стаяў закінутым. Фасады захавалі свой дэкор: карніз, прафіляваныя паясы паміж паверхамі і пад вокнамі, дэкаратыўныя ліштвы, сандрыкі, вуглавыя пілястры. 

У сакавіку будынак быў цалкам разабраны, у тым ліку быў разбураны падвал, і ўзведзены нанова. Ад старой пабудовы захавалася толькі адно акно. У навабудзе размясціўся медыцынскі цэнтр.

Тое самае адно акно злева на фота
Новабуд. Фота vgr.by

Калі нехта лічыць, што атрымалася дакладна як было, то параўнайце першы і апошні здымкі (да і пасля): верхні карніз без вынасу, ліштвы ўбогія, з двух кантоў без тонкай прафіліроўкі, сандрык над вокнамі зусім іншы, ад міжпаверхавай цягі да праёмаў 1-га паверха меншая адлегласць, на вуглавой лапатцы вузейшая ніша, а таксама на ёй адсутнічае выступ на ўзроўні сандрыкаў. Вось такое «аднаўленне» па матывах.

Дом па плошча Леніна, 31 у Пінску

Будынак канца ХІХ стагоддзя знаходзіўся ў самым цэнтры горада, за езуіцкім калегіумам. Некалькі гадоў назад тут размяшчаўся апорны пункт міліцыі, затым доўгі час аб’ект пуставаў. Не так даўно ў дому з’явіўся новы ўладальнік, які і пачаў працы па рэканструкцыі. Напачатку года ў ім пачаліся рамонтныя працы, у выніку якіх абрынуліся муры, пасля яго цалкам зруйнавалі. Мясцовыя ўлады запэўнілі, што аб’ект будзе адноўлены, і, магчыма, нават з выкарыстаннем старажытнай цэглы, але гэта будзе ўсяго толькі навабуд.

Да зносу
Пасля зносу

Дамы па вуліцы Вызвалення, 6 і 6А у Мінску

Скандальная гісторыя з будынкамі па вуліцы Вызвалення атрымала чаканае завяршэнне — яны былі фактычна знішчаны. Пры тым знішчылі нават тое, што па праекце меркавалася захаваць.

Праект рэканструкцыі

У снежні 2015 года мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел анансаваў будаўніцтва новага комплексу адміністрацыйных будынкаў для БПЦ побач з будынкам Мінскага епархіяльнага кіравання. У пачатку сакавіка 2016 года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка асабіста ўхваліў гэты праект.

26 сакавіка 2016 года мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел накіраваў ліст да віцэ-прэм’ера Наталлі Качанавай з просьбай даць дазвол на выключэнне дамоў на адрасе вул. Вызвалення, 6, 6а і 8 са спісу гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама правесці дэмантаж гэтых будынкаў без узнаўлення. У лісце за подпісам мітрапаліта Паўла адзначаецца, што на месцы будучага будаўніцтва адзін будынак знаходзіцца ў аварыйным стане (№ 6), а іншы — у руінаваным (№ 6а). Таксама гаварылася , што гэтыя аб’екты не эксплуатаваліся больш за 25 гадоў, існуе пагроза абвальвання і нават падзення на праезную частку, і што яны быццам бы «не маюць ніякага гістарычнага значэння і не ўяўляюць культурнай ці архітэктурнай значнасці». 

Пасля вялікага скандалу ад пазбаўлення статусу адмовіліся, але рэканструкцыя ўсё ж пачалася. У сярэдзіне ліпеня 2018 года большая частка помнікаў была знішчаная экскаватарам, былі пакінуты толькі фрагменты 1-га паверха галоўнага фасада.

Усё, што засталося ў 2018 годзе

Аднак і гэтага было мала: у сярэдзіне верасня 2019 года тое, што заставалася ад аўтэнтычнага муру было яшчэ больш разбурана. Ад чатырох праёмаў дом № 6 засталіся тры мураваныя слупы. Рэканструкцыяй гэта можна назваць толькі фармальна, пра ахову гісторыка-культурных каштоўнасцей увогуле не даводзіцца гаварыць.

Ад чатырох акон 1-га паверха дома №6 у 2019 годзе застаўся толькі гэты абіты цагляны слуп

Такім чынам ад аўтытэнтычнасці двух гістарычных дамоў застануцца рожкі ды ножкі.

З захаванай цэглы выкладзена вонкавая частка прасценкаў дома.

Будынак на вуліцы Фрунзэ ў Гомелі

У сярэдзіне лютага на вуліцы Фрунзэ нечакана распачаўся знос даваеннага канторскага будынку электрастанцыі. Ён стаў апошнім гістарычным архітэктурным аб’ектам на гэтай вуліцы (не улічваючы 2 аб’екты на ўнутранай тэрыторыі ЦЭЦ).

Будынак быў прызнаны аварыйным і небяспечным для эксплуатацыі, паводле меркавання чыноўнікаў, ён мог уяўляць небяспеку для мінакоў.

Прыбудова да станцыі хуткай дапамогі ў Віцебску

У Віцебску знеслі частку гістарычнага будынку, якая замінала будаўніцтву новага Полацкага пуцеправода. Цагляная прыбудова стаяла на шляху аднаго са з’ездаў з новага моста.

Фота https://vkurier.by/

Будынак на вуліцы Касманаўтаў, 14, дзе цяпер размяшчаецца Віцебская гарадская станцыя хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі, быў пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя па праекце архітэктара Ціхана Кібардзіна для яўрэйскай бальніцы на дабрачынныя ахвяраванні. Першапачаткова медустанова мела асноўны корпус (двухпавярховы цагляны будынак), багадзельню, кухню, пральню і драўляны флігель – інфекцыйнае аддзяленне.

Што тычыцца аднапавярховай прыбудовы, то па дакументах яна не мела статусу аб’екта культурнай спадчыны. Паводле афіцыйных даных, прыбудову да фасада ўзвялі ў 1989 годзе. З падобным меркаваннем не згаджаліся віцебскія актывісты. Паводле слоў архітэктара Глеба Арлоўскага, цагляная прыбудова ў стылі, падобным на асноўны будынак, была пабудавана ў пачатку 40-х гадоў XX стагоддзя, і добра бачная на нямецкіх аэрафотаздымках і картах.

Нямецкія аэрафотаздымак і карта часоў вайны, на якіх добра бачная прыбудова

Дамы на Савецкай вуліцы ў Брэсце

Увечары 28 чэрвеня адбыўся пажар ў гістарычнай частцы Брэста. Загарэліся дамы на вуліцы Савецкай, ля скрыжавання з вуліцай Дзяржынскага. 

Выказваліся меркаванні пра магчымасць падпалу, бо такім чынам забудоўшчыкам удаецца абыходзіць абмежаванне па захаванні архітэктурнай гістарычнай спадчыны. Але дамы, у якіх успыхнуў агонь, маглі проста стаць прытулкам для бяздомных, бо даўно адселеныя, знаходзяцца ў «аварыйным стане». Будзем спадзявацца, што яны ўсё ж не стануць ахвярай забудоўшчыкаў.

Лава Клінтана і «крыжалом» у Курапатах

1 лютага 2019 года невядомыя разбілі «лаву Клінтана«. 5 лютага пасольства ЗША заклікала беларускія ўлады расследаваць здарэнне і пакараць вандалаў. У той жа дзень стала вядома, што па гэтым факце Следчы камітэт Беларусі праводзіць праверку. 7 лютага актывісты выявілі, што «лава Клінтана» зноў разбурана, прычым больш брутальна, чым раней.

Фота Радыё Свабода

20 сакавіка 2019 года невядомыя павалілі адразу 14 крыжоў. 23 сакавіка актывісты выявілі, што невядомыя намалявалі фарбай «зоркі Давіда» і антысеміцкія надпісы на памятным знаку і помніку яўрэйскім ахвярам. Пазней роспіс такой жа сіняй фарбай быў выяўлены і з другога боку ўрочышча, на камяні з крыжам.

13 красавіка ў рамках дзяржаўнага добраўпарадкавання ў Курапатах знеслі ўсе металічныя крыжы, што стаялі ўздоўж Мінскай кальцавой дарогі. 

Крыжы, якія павалілі

Помнік Леніну ў Смаргоні

У Смаргоні ў рамках добраўпарадкавання цэнтральнай плошчы да Дажынак у канцы мая знеслі помнік Леніну. Спачатку ішла гаворка пра тое, што помнік адновяць і вернуць на сваё месца. Але неўзабаве знеслі і п’едэстал да помніка. Новае месца для скульптуры Леніна мусілі выбраць самі смаргонцы. 

Фота shliah.by

Нічога годнага на гэтым месцы не з’явілася, проста плошча пазбавілася адзінай дамінанты. Вітаю дэсаветызацыю Беларусі, але метады, з пункту гледжання архітэктуры, тапорныя і нават варварскія. 

Лепей не стала. Фота shliah.by

Савецкая спадчына

Завяршыць хацелася б цэлым шэрагам знішчэння таго добрага, што пакінула савецкая архітэктура сталіцы Беларусі, і да чаго так абыякавыя архітэктары і чыноўнікі. Замест таго, каб паляпшаць благія месцы, беларуская архітэктура ўзяла курс на апаганенне значных твораў сваіх папярэднікаў. Ахвярамі палі: 

  • першы сталічны ўніверсам «Фрунзенскі», ператвораны з палацу гандлю з  вялікімі вітражамі, што дазвалялі звязаць унутраную прастору з шырокай плошча перад у ім, у глухі Віталюр-пераростак, максімальна зашыты металічнымі панэлямі і адгароджаны ад вуліцы і людзей глухім стылабатам з велізарнай адкрытай паркоўкай… Ніводнаму чыноўніку не хапіла мазгоў патлумачыць заказчыку важнасць аб’екта і недапушчальнасць падыходу да яго архітэктуры ў тым жа духу, што да чарговага Віталюра недзе ўглыбіні спальніка.
Было
Стала
  • гмах Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па вул. Валадарскага, які хоць і з’яўляецца дысанансным да забудовы гістарычнага цэнтра Мінска, сам сабой уяўляе выразны помнік архітэктуры бруталізму. У гэтым годзе якога пачалі абшываць металакасетамі. І калі глухія часткі можна сцярпець, то вокны вырашылі падкрэсліць вертыкальнымі палосамі… блакітнага колеру, які быццам вяртае нас у пачатак 2000-х, калі чарціць ужо навучыліся, але ў колер і густ яшчэ не ўмелі. У выніку атрымаўся шматпавярховы Віталюр. 
Ёсць
Будзе
  • Дамоклаў меч павіс і над будынкам музычнага тэатра. Прынамсі на Рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект быў прадстаўлены дэканструктывісцкі будынак Інтэрнацыянальнага цэнтра мастацтваў на месцы тэатра і часткі Сэндайскага сквера. Ад тэатра, відаць, захаваюць толькі скульптуры над галоўным уваходам. Няўжо ў горадзе ўжо не засталася месца, дзе можна рэалізаваць свае архітэктурныя амбіцыі, што трэба нішчыць такую выдатную архітэктуру ў самым цэнтры горада? 
Будзе
  • Ансамбль Кастрычніцкай плошчы. Яшчэ ў канцы 2016 года мы пабачылі эскізны праект будынка на Кастрычніцкай плошчы, і тады ён выглядаў проста дрэнна: архітэктура ніяк не пасавала XXI стагоддзю, нават калі ўлічыць, што аўтары хацелі ўпісаць свой аб’ект у гістарычнае савецкае асяроддзе. 
Фота onliner.by

На жаль, архітэктары ў нас наведваюць толькі дысцыпліны, за якія можны выляцець з універсітэта, і таму ніякага ўяўлення пра кампазіцыю, класічную архітэктуру і спосабы яе пераймання не маюць. Замест таго, каб пазычыць рытм і прапорцыі, якія вырашаюць архітэктоніку, яны бяруць элементы і штампуюць іх пакуль не становіцца дастаткова «прыгожа» на ўласны густ і густ заказчыка. І вось мы бачым знаёмыя нам класічныя пілястры, лапаткі, галерэю на першым паверсе, порцік з трохвугольным франтонам і калонамі… Але калон 5 — гэта нонсэнс, гэта ніяк не можа быць, і людзям, якія не аднойчы бывалі ў галоўным корпусе БНТУ, сорамна пра гэта не ведаць.

З бакавока фасада порцік яшчэ больш недарэчны, несіметрычны (???), тры калоны ссунуты ад цэнтра ў бок двара (спішам гэта на недакладнасці 3D мадэлі, усё-ткі эскіз). Будынак тады меў 7 паверхаў — фактычна у адзін карніз з офісам Вэлкома, але, чамусьці не з Палацам прафасаюзаў, які якраз найбольш каштоўны элемент гэтай часткі плошчы, і менавіта ад яго раскрыцця і большага выяўлення архітэктурных асаблівасцей варта было б ісці праектантам. Гэта значыць, што патрэбна была фонавая забудова, а не новы Палац. Не зразумела па рэндарах, ці хацелі аўтары адзін з карнізаў выбудаваць на адным узроўні з карнізам Палаца, ці не. Фасады чляніліся на тры ярусы прафіляванымі карнізамі, а па вертыкалі — шырачэзнымі вокнамі, падзеленымі на дзясятак меншых, і аркамі на першым паверсе з выпадковымі і надуманымі скругленямі верхніх вуглоў праёмаў. Гэты прыём са скругленнем больш нідзе не падтрымліваецца на плошчы (і ў Мінску ўвогуле).

Дзякуй, што хоць адсунулі свой «чамадан» падалей ад Палаца прафасаюзаў, чым, аднак парушылі сіметрыю… Так, архітэктура не такая простая навука, і калі вы на фасадзе гуляеце ў сіметрыю, дык вядзіце гульню да канца — можа тады б зразумелі, што абраны шлях у дадзенай сітуацыі памылковы.

Архітэктары папрацавалі над сваімі памылкамі і ў канцы наступнага 2017 года прадставілі канчатковы варыянт…

Будынак нарэшце атрымаў кананічную цотную колькасць калон у порціку, а яшчэ +1 паверх (а мяркуючы па шкле ў франтоне і нейкім аб’ёме за ім — дык усе 2 паверхі) і зашклённую галерэю на першым паверсе.

Прыкладна такім убогім яго і пабудавалі, толькі франтон стаў глухім, бо трэба было павесіць герб братоў Карычаў (нечуванае нахабства для Беларусі). Яркі светлы колер аддзелкі выбіваецца з атачэння, актыўнае цёмна-сіняе шкло выглядае танна і кічава, вышыня спрачаецца не толькі з суседнімі будынкамі, але і з самім палацам Незалежнасці (чытай пра яго падрабязней у артыкуле «Палац Нянавісці»), прапорцыі недарэчныя і выглядаюць здзекліва ў ордарным выкананні фасадаў. Ансамбль плошчы парушаны, і ніхто не ведае, што з гэтым рабіць.

Катэгарычна супраць гэтага будынка выступілі грамадскасць, архітэктурная супольнасць і нават чыноўнікі, але яго ўсё роўна пабудавалі праз Найвышэйшае заступніцтва. 

Цікава, што абельваць (у тым ліку па дзяржаўных каналах) гэты аб’ект узялася нейкая прафесарка Маскоўскага архітэктурнага інстытута Ганна Медлева: 

«Все это — приемы игры во времени и пространстве, создающие сильные впечатления, запоминающиеся эмоции. Никто не сможет, увидев здание, сказать, что его не запомнил. Здание играет сложную роль в ткани города, перекликается с соседями и поражает прохожих своей парадностью, важностью и полифонией звучания сложнейших архитектурных элементов. Безусловно, оно запоминается. Безусловно, не оставляет равнодушным.» 

Відавочна, што гэтая жанчына бачыла Мінск толькі па тэліку, а палац Карычаў — на рэндарах без прывязкі да сітуацыі. Але цікава тое, што яны не знайшлі ніводнага больш менш прыстойнага беларускага архітэктара, які б апраўдаў узнікненне такога будынка на плошчы — гэта адразу б зрабіла яго нерукапацісканым у беларускім архітэктурным асяроддзі. Калі наконт неКемпенскі і Ля Траецкага водгукі з большага негатыўна-памяркоўныя, то палац сербскіх братоў выклікае лютую нянавісць ва ўсіх.

Выдатны расійскі архітэктар Плотнікаў, наведваючы ў гэты час Мінск, таксама абурыўся гэтай пабудовай: «Я баяўся, што вярнуся ў той цудоўны горад з 70-80-х і ён або застанецца такім жа як быў, або будзе горшым. Але тое што я ўбачыў проста ўразіла мяне: горад выдатны, у чымсьці нават у 100 разоў лепшы за Маскву. … Першае што мяне абурыла — гэта будынак на Цэнтральнай плошчы. [шум у зале] Проста нешта «запредельное». Такое нават у вёсцы сорамна будаваць. Я ў курсе гісторыі і чаму так атрымалася … Таксама шкада шклянога павільёна [БелЭКСПА па Янкі Купалы], ён быў вельмі добры па архітэктуры.»

Фота Realt.by

Спіс суб’ектыўны, таму было вырашана адмовіцца ад рэйтынгу — у кожнага ў сэрцы свой архітэктурны боль. Калі вы памятаеце нейкія іншыя істотныя для Беларусі страты — пішыце ў чат канала «Спадчына«.

Ulad

Подписаться
Уведомление о
guest
0 комментариев
Inline Feedbacks
View all comments