У Берасці ёсць людзі, якія размаўляюць па-беларуску кожны дзень. А вось адзін дзень у год колькасць беларускамоўнага насельніцтва горада павялічваецца ў некалькі разоў. І адбываецца гэта ў лютым на Дзень роднай мовы. Сёлета большасць мерапрыемстваў, прысвечаных гэтаму святу, прайшлі 20 лютага.

У суботняй праграме значыліся заняткі “Мовы Нанова” для дзетак, спектакль “Мама Му ў басейне”, музычны вечар з гуртом Race of dreamers і сярэднявечная дыскатэка ад “Старога Ольсы”. Арганізатары курсы “Мова Нанова”, культурны цэнтр Грунтоўня, прома-суполка “Зала чакання” і кампанія “Будзьма беларусамі” аб’ядналі свае намаганні ў агульную афішу, таму пры жаданні можна было трапіць на ўсе імпрэзы.

У кавярні New York Coffee на заняткі беларускай мовы прыйшлі каля 50 дзетак. Вядома, прывялі іх бацькі, але зацікаўленыя вучні хутка адаптаваліся да сваёй святочнай настаўніцы Алесі. Праз 5 хвілін знаёмства яны ўжо называлі па-беларуску свае імёны, любімыя колеры і спрабавалі вывучыць новыя словы.

Лялечны тэатр “Лямцавая батлейка” прадставіў новы спектакль пра прыгоды кароўкі Мамы Му. Дзеці ўважліва сачылі за падзеямі, што разгортваліся ўсяго на пляцоўцы чамадана, а бацькі шэптам перакладалі незнаёмыя ім словы. У канцы ўсе маленькія гледачы атрымалі медаль, як у Мамы Му, які можна размаляваць. А тыя дзеці, хто расказаў верш на беларускай мове, атрымалі ў падарунак сучасныя вышыванкі з майстэрні “Мой родны кут“.

Мова Нанова

Далей можна было перамясціцца на пляцоўку КЦ “Грунтоўня”, дзе ладзілі музычны вечар з праграмай на вершы беларускіх паэтак Яўгеніі Янішчыц і Ларысы Геніюш. Аўдыторыя сабралася невялікая – каля 15 чалавек, але атмасфера была па-беларуску душэўная. Песні гучалі ў выкананні гарадзенскага гурта Race of dreamers і саліста гурта “Вочы” Юрыя Дубовіка.

Завяршыў святочную праграму да Дня роднай мовы канцэрт вядомага беларускага фольк-гурта “Стары Ольса”. Гэта была адзіная падзея з афішы, куды трэба было набываць квіток. Акрамя папулярных старажытных песень пра карчму і рыцарскія бітвы музыкі зайгралі на сярэднявечных інструментах хіты мінулага стагоддзя Red Hot Chilli Peppers i The Beatles. Не абыйшлося і без танцаў: у залі ледзь змясціліся тры танцавальныя колы са 150 чалавек.

Стары Ольса

Natatnik даведаўся пра ўражанні ад гэтага беларускага дня ў некаторых прысутных:

Людміла: Эмоцыі ад дзіцячай “Мовы Нанова” сёння самыя цёплыя, спадабалася добрая атмасфера і якасны падыход у рабоце з дзецьмі. Дома калі-некалі ўжываем у размове словы на беларускай мове, а таксама чытаем дзіцёнку беларускія казкі.

Марына: мы пайшлі на ўсе мерапрыемствы разам з дзецьмі. Яны заўсёды ходзяць на заняткі “Мовы Нанова”. А па суботах мы і дома стараемся размаўляць на беларускай мове, каб дзеткі ведалі сваю родную мову.

Ксенія: Мы беларусы,і жадаем , каб наша дачка ведала сваю мову,свае карані і гісторыю. З вялікім задавальненнем і добрым настроем вярталіся сёння дахаты пасля заняткаў і спектакля.

Юры: На “Мове Нанова” вельмі прыемна было паглядзець на дзетак, якія вучацца размаўляць па-беларуску. Падчас такіх заняткаў і нараджаецца любоў да роднай мовы. А на канцэрце “Старога Ольсы” толькі паспеў разагрэцца, а ўжо канец… Я за тое, каб свята роднай мовы пашыралася на некалькі дзён, абы хапіла, што прэзентаваць.

Кацярына: Я была толькі на канцэрце “Старога Ольсы”, мне вельмі падабаецца гэты гурт. Тым больш сёння свята роднай мовы, а нашай мове патрэбна псіхалагічная падтрымка. Я ведаю шмат беларусаў, якія размаўляюць па-беларуску і ганарацца нашай прыгожай мовай. Я сама сёння паспрабавала ў таксоўцы размаўляць па-беларуску і бачыла прыемныя ўсмешкі пасажыраў.

Дар’я: Сёння ў Грунтоўні быў цудоўны канцэрт, сапраўдная асалода для вушэй. На ”Старога Ольсу” я таксама паспела. Увогуле я трапіла на ўсе мерапрыемствы з афішы, толькі на паўгадзінкі забегла дадому. Прыемна было размаўляць на беларускай мове ў такім асяроддзі.

Раман: Падчас заняткаў “Мовы Нанова” задаў сабе пытанне, ці будуць мае дзеткі размаўляць па-беларуску. Дзякуючы такім урокам, думаю, што так. А вось на канцэрце “Старога Ольсы” адчуў такі гонар за нашых продкаў. Сапраўды гісторыя пачынаецца не з нядаўняга часу, у нас вельмі глыбокія карані. Зараз у беларусаў такі перыяд, калі ідзе аднаўленне нашай самасвядомасці. Я сам у штодзённым жыцці размаўляю на расейскай мове, а вось сёння ад самай раніцы, як сустрэўся са сваім сябрам, размаўляю на беларускай.

Воля Малафеечава, фота: Воля Малафеечава і Аляксандр Кавалевіч, Natatnik

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

 
 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о