Распачынаем сезон вандровак па Беларусі з экскурсаводам Воляй Малафеечавай тэматычным маршрутам «Загадкі роду Касцюшка». Усе аб’екты знаходзяцца на тэрыторыі Брэсцкай вобласці, магчыма наведаць на аўто за 1 дзень. Паехалі!

З Брэста рухаемся па М1 праз Жабінку, Кобрын, Бярозу да Косава ў Івацэвіцкім раёне. З Менску гэты ж маршрут можна праехаць наадварот, пачаўшы з Косава. На нашым шляху будуць 2 музеі Касцюшкі, старыя могілкі гэтага роду, капліца на месцы Крупчыцкай бітвы і іншыя цікавыя гістарычныя кропкі.

Малыя Сяхновічы

Многія ведаюць пра музей Тадэвуша Касцюшкі ў Косаве Івацэвіцкага раёну (да яго мы яшчэ даедзем), але пад Жабінкай ёсць яшчэ адзін музей. Ён знаходзіцца ў вёсцы Малыя Сяхновічы – радавым маёнтку сям’і Касцюшак-Сяхновіцкіх. Так-так, поўнае імя нашага героя Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка Сяхновіцкі. Некаторыя гісторыкі сцвярджаюць, што ён нарадзіўся менавіта тут, а ў Косаве яго пазней пахрысцілі.

Гэта Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, дзе частка экспазіцыі прысвечана знакамітаму земляку. Пры пад’ездзе да музея звярніце ўвагу на ліпавую алею, кажуць, яе пасадзіў сам Тадэвуш Касцюшка. Перад будынкам стаіць помнік-бюст герою, да нядаўняга часу гэта быў адзіны помнік Касцюшку на тэрыторыі Беларусі, пакуль у 2018 годзе не паставілі поўнафігурны помнік у Косаве. Бюст каля музея быў зроблены яшчэ за польскім часам і першапачаткова стаяў у Кобрыне на пустым пастаменце помніка, прысвечанага баям за Кобрын у 1812 годзе.

музей, Костюшко, Сяхновічы, Касцюшка
музей, Костюшко, Сяхновічы, Касцюшка
музей, Костюшко, Сяхновічы, Касцюшка
музей, Костюшко, Сяхновічы, Касцюшка

Здзітава

Каля Жабінкі таксама можна наведаць Свята-Мікіцкую царкву ў вёсцы Здзітава. Яна пабудавана ў 1502 годзе на беразе Мухаўца ў традыцыях заходнепалескай архітэктуры. Гэты помнік драўлянага дойлідства прэтэндуе на ўключэнне ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. У царкве захоўваецца ікона Маці Божай Адзігітрыі, напісаная ў XVI ст.

Здзітава, царква

Чыжэўшчына

У Кобрынскім раёне 17 верасня 1794 года адбылася самая вялікая бітва часоў Касцюшкаўскага паўстання на землях Беларусі – Крупчыцкая бітва. Сёння Крупчыцы сталі часткай вёскі Чыжэўшчына. У 2004 годзе тут з’явілася капліца, як напамін пра ўсіх загінуўшых.

У роспісе капліцы паказаны войскі паўстанцаў пад кіраўніцтвам Серакоўскага і войскі Суворава, якія падаўлялі паўстанне. Пасярэдзіне капліцы надпіс “За нашу і вашу волю”. Падчас бітвы ў Крупчыцах знаходзіўся манастыр, за сценамі ягога хаваліся нашы жаўнеры. Пасля перамогі ён быў спалены, і на яго месцы ў 1882 годзе ўзвялі праваслаўную царкву.Чыжэўшчына, капліца, Касцюшка

Кобрын

Маёнтак «Кобрынскі ключ» быў падараваны Сувораву за падаўленне паўстання Касцюшкі. Сёння ў Кобрыне ёсць і музей імя Суворава, і парк, і бюст. Сляды Касцюшак пакуль можна знайсці толькі на старых могілках. Тут пахаваны апошні з роду Касцюшак-Сяхновіцкіх Міраслаў ва ўзросце 26 год. Таксама Антаніна з роду Касцюшак, якая двойчы пабывала замужам: за Рамуальдам Траўгутам (кіраўніком паўстання 1863 года) і за Аляксандрам Міцкевічам (старэйшым братам паэта Адама Міцкевіча).

Кобрин, Костюшко, Кобрын, Касцюшка
Кобрин, Костюшко, Кобрын, Касцюшка
Кобрин, Костюшко, Кобрын, Касцюшка
Кобрин, Костюшко, Кобрын, Касцюшка

У Кобрыне яшчэ шмат цікавых аб’ектаў: старая сінагога, касцёл з пахаваннямі польскіх жаўнераў, драўляныя цэрквы і плітка-трылінка. Падрабязней можна пачытаць у нашым Тутэйшым гідзе па Кобрыне.

Бяроза

Далей рухаемся па старой трасе Р2 у Бярозу. Тут паглядзім на рэшткі кляштара картэзіянцаў, закладзенага ў далёкім 17 ст. сынам Льва Сапегі Казімірам (тады горад атрымаў назву Бяроза-Картузкая). Гэта адзіны ў Беларусі комплекс менавіта французскага ордэну картэзіянцаў (картузіянцаў). У 1771 годзе на яго тэрыторыі размяшчаліся рускія войскі пад кіраўніцтвам Суворава.

Пазней пасля паўстання 1831 і 1863 кляштар быў зачынены, касцёл разабраны, а са старой цэглы пабудавалі вайсковыя казармы для царскіх жаўнераў. Сёння адрэстаўравана ўваходная брама, фрагменты вялікага комплексу патрабуюць кансервацыі. Падрабязней пра гісторыю Бярозы можна пачытаць у нашым Тутэйшым гідзе.Бяроза, кляштарБяроза, кляштар

Старыя Пескі

У Бярозаўскім раёне можна адшукаць сляды вялікага сядзібна-паркавага комлексу Пуслоўскіх, тых самых Пуслоўскіх, якія пазней пабудавалі знакаміты палац у Косаве (Мерачоўшчыне). Пасярод вясковай дарогі ў Старых Песках узвышаецца белая брама ў рамантычным стылі неаготыкі. Некалі праз гэтую браму ўязджалі гаспадары на свой двор, дзе акрамя сядзібы стаялі яшчэ вятрак, павілён руж і стайня.

Малюнак Н. Орды

На сённяшні дзень захаваўся былы будынак стайні, перароблены ў інтэрнат, стары бровар, які ператварыўся ў спіртзавод, яшчэ адна брама і вялікія дрэвы старога парку на беразе Чорнага возера.Пески, брамаПески, брама

Няхачава

Старая траса Р2 – гэта дарога Масква-Варшава, пракладзеная яшчэ ў 1840-я гады. Ад Івацэвічаў дарога ішла на Слуцк і далей на усход у аб’езд Менску. У той час яна была разлічана не на аўтамабілі, а на конны транспарт: паштовыя экіпажы, брычкі і карэты з пасажырамі. На трасе будаваліся паштовыя станцыі, дзе можна было спыніцца на адпачынак і перакус. У Няхачава захавалася такая паштовая станцыя, дзе і зараз працуе рэстаран з невялікім гатэлем. Унутраны дворык – прыемнае месца для адпачынку ў дарозе.

Няхачава

Косава і Мерачоўшчына

Фінальная кропка нашага маршруту. У самім мястэчку Косава стаіць прыгожы Троіцкі касцёл (1877 год), пабудаваны на грошы Пуслоўскіх. У ім захоўваецца каменная купальня, у якой хрысцілі Тадэвуша Касцюшку. Да цудатворнага абразу Божай Маці ў Косаве прыходзяць і каталікі, і праваслаўныя.Косава, Касцюшка, касцёл

Урочышча Мерачоўшчына знаходзіцца збоку ад Косава –тут можна наведаць велічны палац Пуслоўскіх і дом-музей Касцюшкі. Палац будаваўся у 1830-70я гады, у ім было 365 пакояў па колькасці дзён у годзе, 12 вежаў па колькасці месяцаў, а таксама цікавая падлога ў адным з пакояў – пад нагамі за шклом плавалі рыбкі. Цікава, што зараз галоўны ўваход у музей зроблены з таго боку, дзе першапачаткова быў выхад у сад. Цэнтральная брама раней знаходзілася каля дарогі на Ружаны, цяпер яна адгароджана паласой лесу. Падчас Другой сусветнай вайны палац Пуслоўскіх значна пацярпеў, нядаўна сконьчылася знешняя рэстаўрацыя, для турыстаў адкрыты 5 заляў, рэстаран і гатэль.

Косава, палац
Косава, палац
Косава, палац
Косава, палац

Насупраць палаца стаіць дом-музей Касцюшкі. Ён значна лепшы за Сяхновіцкі па сваёй экспазіцыі. Праўда, гэта не арыгінальны будынак, а копія дома Касцюшкі, які ўзвялі на захаваным фундаменце. У пакоях размешчана мэбля, прадметы інтэр’еру, копіі партрэтаў і дакументаў. Падкрэсліваецца, які ўнёсак зрабіў Тадэвуш Касцюшка ў змаганні за свабоду не толькі жыхароў Беларусі і Польшчы, але і ЗША.

У 2018 годзе побач з домам паставілі першы ў Беларусі поўнафігурны помнік Тадэвушу Касцюшку. Грошы на яго збіралі беларусы з ўсяго свету.

Косава, музей, Касцюшка
Косава, музей, Касцюшка
Косава, музей, Касцюшка
Косава, музей, Касцюшка

Разлічвайце час у дарозе такім чынам, каб паспець унутр музея і палаца. Яны працуюць да 18:00 (выходныя дні: панядзелак, аўторак).

Natatnik

Подписаться
Уведомление о
guest
0 комментариев
Inline Feedbacks
View all comments